Кніга водгукаў            Сувязь з намі             Навіны
Экспазіцыі
Экскурсіі
Фотагалерэя
Наш летапіс
Дошка гонару і падзякі
Выставы
Нашы праекты
Майстар-класы
Канферэнцыі
Круглы стол
Фалькларысты Беларусі
Кніжная палічка
У дапамогу студэнту
Беларускі народны каляндар
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Рэцэпты народнай медыцыны
Беларускі гумар
Са святам!
Беларускі народны каляндар /

Студзень

k2

Студзень – году пачатак, а зіме – палавіна.
Студзень хаты студзіць – рана гаспадароў будзіць.
Студзень пагодны – будзе год плодны.
Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.

 

Сама назва гэтага месяца красамоўна гаворыць пра яго характар: студзень - значыць, сцюдзёны. "Студзень - году пачатак, зіме - сярэдзіна". Нярэдка па народных прыкметах год падзялялі на дзве роўныя часткі: адна пачыналася з 1 студзеня, другая - з 1 ліпеня. Заўважаючы асаблівасці надвор`я ў пэўны дзень першага паўгоддзя, меркавалі пра надвор`е ў адпаведны дзень другой паловы года. Супастаўлялі ў першым і другім паўгоддзі цэлыя месяцы, а то і поры года. Па студзеню мяркавалі пра будучую вясну ("Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік") і пра лета ("Студзень мяце - ліпень залье"). Па характару першага месяца сяляне стараліся вызначыць і набытак, які чакаецца ў агародзе і на полі: "Студзень пагодны - год будзе плодны". Гнілое надвор`е на пачатку года не абяцала ўцехі чалавеку: "Калі ў студзені дажджы - дабра не жджы".

1/19 Цяпер у гэты дзень мы прывыклі адзначаць Новы год. У старым жа каляндары ён не лічыўся святочным. Працягваючыся з папярэдняга года, апошні свой тыдзень дабываў Піліпаўскі пост. Ён заканчваўся з надыходам урачыстага зімовага святкавання, якое на працягу двух тыдняў (з 7 па 19 студзеня) ахоплівае некалькі свят і вядома ў народзе як Каляды.
7/25 Ражство Хрыстова. Пасля шматтыднёвага посту нарэшце прадстаўлялася доўгачаканая магчымасць паесці ўволю скаромнага. З гэтага часу па сялу пачыналі хадзіць калядоўшчыкі:

Добры вечар, пане гаспадару, ой, Каляда, ой, Каляда!
Харошыя маеш ты сыночкі, ой, Каляда, ой, Каляда!
Ой, што ж яны ў цябе робяць? ой, Каляда, ой, Каляда!
У святлічцы золата важаць, ой, Каляда, ой, Каляда!
Наважылі трыццаць пудоў і чатыры, ой, Каляда, ой, Каляда!
Тыя трыццаць пану гаспадару аддалі, ой, Каляда, ой, Каляда!
А тыя чатыры нам, каляднічкам і калядзе, ой, Каляда, ой, Каляда!

На працягу ўсіх Каляд нельга было нічога ні шыць, ні віць, ні плесці, ні рабіць крывога і колападобнага, ні сячы сякераю (напрыклад, ставіць агароджы, пячы абаранкі, рабіць закруткі для саней), іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны з`явіцца на свет, абавязкова народзяцца пакалечанныя.
14/1 Стары Новы год. Васілле. У навагодніх павер`ях адчуваецца прысутнасць магіі "першага дня". Першы дзень года, праведзены належным чынам, нібыта гарантаваў удачу на ўвесь год. Хто з хатніх жыхароў у самы першы дзень года апярэдзіць астатніх, прынясе са студні вады і ўмыецца - на працягу года будзе рухавы і бадзёры. Калі снег на Новы год падаў з самага ранку, то і зіма прадбачылася снежная. Калі на Васілле вецер дзьме з усходу - трэба было чакаць гарачага і сухога лета, калі з поўдня - умеранага, заходні вецер абяцаў мокрае лета, паўночны - халоднае, з градам.
19/6 Вадохрышча - апошняе свята каляндарнага цыкла: "Святое Хрышчэнне і Калядам прашчэнне". У гэты дзень, згодна з праваслаўным календаром, святкавалася хрышчэнне Ісуса Хрыста, асвячалася вада. Народ верыў у цудадзейную сілу такой вады і выкарыстоўваў пры розных бытавых выпадках і здарэннях: яе давалі выпіць хвораму, ёю апрысквалі новую хату перад тым, як засяліцца, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы. Хрышчэнскай вадою асвячалі поле перад сяўбою. Дзе-нідзе ў гэты дзень дазвалялася выконваць некаторыя сялянскія работы, забароненыя на працягу ўсіх Каляд. На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова паварочвалася на лета. У народзе казалі: "Трэшчы не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы - не к Ражству, а к Пятру", маўляў, больш маразоў ўжо не будзе. Вадохрышча было днём, па якім арыентаваліся ў вызначэнні будучага надвор`я ("На Вадохрышчы вельмі сцюдзёна - у жніво вельмі горача"), спрабавалі прадказаць і якасць будучага ўраджаю ("На Вадохрышча дзень цёплы - будзе хлеб цёмны").

2007 © Кабінет-музей беларускай культуры філалагічнага факультэта БДУ Хостинг Na.by