Кніга водгукаў            Сувязь з намі             Навіны
Экспазіцыі
Экскурсіі
Фотагалерэя
Наш летапіс
Дошка гонару і падзякі
Выставы
Нашы праекты
Майстар-класы
Канферэнцыі
Круглы стол
Фалькларысты Беларусі
Кніжная палічка
У дапамогу студэнту
Беларускі народны каляндар
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Рэцэпты народнай медыцыны
Беларускі гумар
Са святам!
Беларускі народны каляндар /

Сакавік

sakavik

Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе.
Сакавік зялёны – ураджай благі.
Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж – пан.
Няма ў сакавіку вады – няма ў красавіку травы.
 

Сучасная беларуская назва трэцяга месяца года і першага месяца вясны паходзіць ад слова "сок". У гэтую пару сок пачынае цячы з дрэў. У адным з тэкстаў XІV стагоддзя, які пісаўся ў полацкім манастыры, зафіксавана найменне сухий. Францыск Скарына ў "Малой падарожнай кніжцы" (1522) згадвае месяц марець, а ў астрожскім "Псалтыры" (1597) – березол. Апошняя назва, дакладней яе варыянты, захаваліся ў чэшскай мове – brezen, украінскай – березень. Лацінскую форму ўтрымліваюць французская – mars, англійская – march, нямецкая – Marz, польская – marzec, руская – март, італьянская – marzo і інш.
Рымскі martius, згодна легендзе, "абвясцілі" Ромул і Рэм у гонар бога сонца і вайны Марса, апекуна земляробства і жывёлагадоўлі, які ўвасабляў творчыя сілы прыроды, і быў першым месяцам года аж да 153 года да нашай эры (таксама і ў многіх народаў, у тым ліку беларусаў).
Пра пару, калі зіма павінна саступіць месца вясне, у народзе гаварылі: "Люты вады падпусціць, а сакавік падбярэ". Але надта давярацца лагоднасці першага вяснавога месяца было б неабачліва, паколькі зіма ў гэты час яшчэ не здалася: "Марац кусае за палец". Калі зямля зарань вызвалялася ад снежнага покрыва і агаляла азіміну ў той час, як прыціскалі маразы, селянін мог разлічваць на небагаты ўраджай: "Калі жыта ў марцы глядзіць на неба, не есці тады хлеба".


      Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе.
      Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж – пан!
      У сакавіку зіма не гніе – у красавіку трава не расце.


9/24. Іван, Эразм. Праз тры тыдні і адзін дзень пасля Грамніц значыўся прысвятак Паўраценне, або Абратанне  (ад царкоўнага "Обретение" – знаходжанне галавы Іаана Хрысціцеля). Асабліва шанавалі гэты дзень пчаляры. Яны заглядвалі ў вуллі і калі знаходзілі ("обретали") пчол жывымі, то ўжо не сумняваліся ў паспяховай іх перазімоўцы. На Валожыншчыне слова "паўраценне" тлумачылі тым, што мядзведзь у бярлозе ў гэты дзень паварочваецца на другі бок. "Янавай галавы баіцца зіма", г.зн. цяпло ўсё больш упэўнена сыходзіць на зямлю.
22/9. Сорак пакутнікаў, або па-народнаму Саракі (Соракі). Лічба, што ўваходзіла ў назву свята, шырока абыгрывалася ў павер`х і абрадавых дзеяннях, якія бытавалі ў гэты дзень. Калі на Саракі здараўся мароз, то меркавалі, што пасля яго адбудзецца яшчэ сорак маразоў. На Саракі сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Раніцай перад усходам сонца хлопчыкі стараліся перакінуць цераз страху 40 трэсак: калі гэта ўдасца, то ўлетку будуць добра знаходзіцца птушыныя гнёзды. Свае звычаі былі і ў дзяўчат: яны пераломвалі 40 дошчачак і перарывалі 40 вяровачак і шнуркоў. Прадметы, што пераломваліся і разрываліся, напэўна, сімвалізіравалі сабою сілы, якімі была скавана зямля, і выкананне гэтага абраду мела сваёю мэтаю наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. "На Саракі дрэвы адпушчаюцца" -  сведчылі народныя назіранні. "На Саракі прыляцелі з-за мора птакі" – падказвалі вясковыя фенолагі і нават удакладнялі: "Прылятае 40 жаваранкаў". (Ці не таму іх прылёт адзначалі гаспадыні, выпякаючы ў гэты дзень для дзяцей 40 жаваранкаў з цеста і кладучы ў адзін з іх "саракоўку" – 20 капеек? Каму яна дастанецца – той будзе шчаслівы.) Надвор`е на Саракі таксама прыцягвала ўвагу чалавека. Калі ад Грамніц да Саракоў не ішлі дажджы і не псавалася дарога, то летам чакалася засуха. Калі ў гэты дзень на стрэхах ляжаў снег, то на Благавешчанне ён будзе пакрываць усю зямлю, а на Юр`я – асобныя мясціны. Калі на Саракі ўволю нап`ецца вол ад расталых ледзяшоў – будзе добрая вясна. Зрэшты яна ўжо стаяла на двары: "Саракі – не суйся блізка да ракі", г.зн. надышла пара разводдзя. На Усходнім Палессі дзяўчаты хадзілі гукаць вясну на Саракі:

      Жаваранак, ранняя птушачка,
      Чаго так рана з выраю вылятаеш?
      А там пры даліне – там ляжаць крыгі,
      А там пры дарозе – снягі і марозы.
      А я тыя крыгі крыламі разаб`ю,
      А я тыя маразы нагамі растапчу.


      На Саракі прыладжвалі арэлі і абавязкова гушкаліся – казалі, "каб камары не елі" (Шумілінскі раён).

2007 © Кабінет-музей беларускай культуры філалагічнага факультэта БДУ Хостинг Na.by