Кніга водгукаў            Сувязь з намі             Навіны
Экспазіцыі
Экскурсіі
Фотагалерэя
Наш летапіс
Дошка гонару і падзякі
Выставы
Нашы праекты
Майстар-класы
Канферэнцыі
Круглы стол
Фалькларысты Беларусі
Кніжная палічка
У дапамогу студэнту
Беларускі народны каляндар
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Рэцэпты народнай медыцыны
Беларускі гумар
Са святам!
Беларускі народны каляндар /

Май

mayМай – жывёлу ў поле пхай.
Май зямлю грэе, а сіверам вее.
Май – валам дай, а сам на печ ўцякай.
Май халодны – год галодны.
Дождж у маі – хлеб будзе і на гультая.
Майская трава галоднага корміць.
Май – і пад кустом рай.

Сучаснай беларускай літаратурнай назве месяца май адпавядае старажытнабеларуская травень, якая паходзіць ад слова "трава", бо ў гэтым пятым месяцы года зямля пакрываецца зеленню. Такое найменне захавалася не толькі ў старажытных пісьмовых крыніцах, але і ў вуснай народнай творчасці. Май – адзіная ў нас назва, узятая з лацінскай мовы. Тая ж лацінская аснова таксама ў нямецкай і французскай мовах – Mai, англійскай – May, польскай – maj, венгерскай – majus, рускай – май і інш.
Рымляне прысвяцілі месяц багіні зямлі Маі. У канцы красавіка і пачатку мая яны адзначалі вясёлае свята Фларэлія ў гонар багіні кветак Флоры. У прыватнасці, у першы дзень апошняга месяца вясны быў звычай садзіць дрэва, што называлі "маем". У славян, у тым ліку беларусаў, захаваліся абрады з "маем" на Сёмуху. Падобны ў нас і старажытных рымлян і абрад ушанавання памяці нябожчыкаў. У рымлян ён выконваўся 9 мая.
Католікі прысвячаюць май Божай Маці – Марыі. Штодня ў касцёлах адбываецца так званае маёвае набажэнства. Фігура Багародзіцы ўсюды, дзе яна ўстаноўлена, упрыгожваецца.
 Май, працягласць дня ў якім павялічваецца на 1 гадзіну і 42 хвіліны, з`яўляецца найпрыгажэйшай парой года. Цвітуць бяроза, клён, чаромха, наогул усе дрэвы і кусты. Паплавы і паляны пакрываюцца кветкамі. Прырода напаўняецца спевамі птушак, што паспелі ўжо вярнуцца з выраю. З`яўляецца шмат насякомых, майскія жукі захопліваюць зялёналісцевыя дрэвы.

6/23. Георгій (Юр`я, Юрай, Ягор`я). У тым ліку іншых веснавых дзён гэта свята больш чым якое іншае прэтэндуе на сапраўдны пачатак вясны. Менавіта з Юр`я, як лічылі амаль паўсюдна, пачынае кукаваць зязюля. На Юр`я сяляне выходзілі з песнымі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае зарунелыя палеткі ("Калі прыйдзе Юры, не ўгледзіш у жыце куры"). З Юр`ем звязваўся, як правіла, і першы выпас жывёлы (запасаў для яе павінна было хапіць як мінімум да гэтага дня – "На Юр`я каб сена было і ў дурня"). Дбайны гаспадар не прапускаў без увагі стан надвор`я і рабіў для сябе пэўныя высновы: "Калі на Ягор`я мароз – будзе добры авёс". Снег на Юр`я падаваў надзею, што ўлетку пабялеюць палі ад удалай, ураджайнай грэчкі, і наадварот, – "Як на Юр`я пагода, то на грэчку няўрода". Густы юр`еўскі дождж упэўніваў селяніна, што вырасце густое вялікае жыта. Жыватворная юр`еўская раса таксама абяцала прыбытак: "Калі будзе раса – хопіць коням аўса".
Галоўнай адказнасцю, якой народ надзяліў святога Юр`я, было апякунства хатняй жывёлы і гаспадаркі. Адначасова Юр`я называлі і валадаром ваўкоў. У народзе ўяўлялі, што ён едзе на белым кані і замыкае пашчы дзікім звярам, пасля чаго тыя менш нападаюць на скаціну. Статак стараліся выгнаць зарань, на цудадзейную расу – яна павінна забяспечыць вялікі дастатак малака. За лепшае лічылі, калі запасванне супадае з поўняю – "каб усяго было поўна". Перад тым як выгнаць жывёлу, гаспадар тройчы абыходзіў яе з запаленай грамнічнай свечкай і апырскваў свянцонаю вадою. Абкурвалі жывёлу падпаленымі купальскімі зёлкамі, якія захоўваліся ў кожнай хаце. Выганялі скаціну з хлява, пасцёбваючы асвячонымі на Вербніцу галінкамі вярбы, затым яе ўтыкалі ў хляве ад злых духаў. На парозе хлява перад жывёлай клалі розныя сімвалічныя прадметы: курынае яйка – нібыта затым, каб замкнуць ім ваўку пашчу і каб каровы былі круглыя і поўныя, а калі яйка заставалася цэлае пасля праходу жывёлы, спадзяваліся, што і жывёла сёлета будзе цэлая; замкнуты замок пад нагамі худобы – як ахоўны сродак ад ваўкоў ("Няхай так замкнецца яго пашча на ўсё лета"); ніты ад кроснаў – ад укусу змяі ("Як гадзюка ніты не разбярэ, так ад кароўкі малака не адбярэ"); сякеру – каб абараніць ёю гавяду ад "нячыснай сілы" і чарадзеяў, пояс ці жменю выцягнутай са страхі саломы – каб скаціна не адыходзіла ад дому; бязмен – каб жывёла павялічвалася ў вазе.
Запасванне на Юр`я станавілася і святам пастухоў – для іх гаспадары рыхтавалі добрыя закускі, а тыя ўжо на пашы ладзілі пачастунак. У першы дзень пастухі не павінны былі рабіць ніякіх пазык, не бралі яны ў поле агню, нажа (вастрыць яго, першы раз на вясну гонячы статак, значыла б завастрыць ваўку зубы).
Не забываў селянін на Юр`я і пра сваю ніву. Ён выходзіў на яе з загорнутым у абрус караваем, спечаным напярэдадні, – увасабленнем леташняга ўраджаю, абыходзіў палеткі, клаў хлеб у рунь, і калі ён хаваўся ў жыце, казалі, што ў гэтым годзе яно будзе ўдалае. Выносілі ў поле косткі, што захаваліся ад велікоднага стала, і закопвалі па канцах поля. Асвячоная вербачка ўторквалася ў зямлю з вераю, што гэтым самым удасца абараніць ніву ад граду. На полі частаваліся, спявалі юраўскія песні.                                                                                                                                                 Ушэсце (Ушэснік, Шоснік) – дзень агляду жыта; чацвер на шостым тыдні пасля Пасхі, саракавы дзень. Згодна з беларускім павер`ем, на Ушэсце з зямлі выходзяць прасушыцца скарбы, але іх ніхто не бачыць. У многіх раёнах святкаваўся як апошні дзень вясны. А на Усходнім Палессі выконвалі абрад "ваджэння і пахавання стралы". Вадзілі веснавыя карагоды, "танок" у полі або абыходзілі вакол вёскі. Гулялі па жыце, закопвалі ў глебу "стралу" (пярсцёнкі, грошы і інш.), каб задобрыць палявога духа на добры ўраджай.
Узнясенне Гасподне з`яўляецца двунадзесятым, гэта значыць у ліку 12 сямейных гадавых святаў. На 40-ы дзень пасля Пасхі Ісус Хрыстос "узняўся на неба" да Бацькі, каб падрыхтаваць масца для людзей.                                              Сёмушныя (Траецкія, Сярэднія) Дзяды – пятніца перад Сёмухай.
Духавая субота (Стаўрускія Дзяды, Стаўроўскія Дзяды, Сёмуха) – Дзяды ў суботу перад Сёмухай, Тройцай. Звычай памінання продкаў ў гэты час з`яўляецца язычніцкім, аб гэтым сведчыць паданне адзначэння Стаўроўскіх дзядоў і іншыя фальклорныя матэрыялы.                                                                                                                                                    Зялёная (Кляновая) субота (Зелянец, Май, Зялёныя святкі) – свята маладой зеляніны перад Сёмухай. Варажылі пра надвор`е. Асвячалі травы, абкурвалі хаты, жывёлу, каб не баялася перуноў.
Увага да зеляніны, а яна з`яўляецца дамінуючай, несумненна, язычніцкая традыцыя. Асвячэнне кветак і зёлак, упрыгожванне "маем" будынкаў і памяшканняў, пляценне і нашэнне вянкоў, дзявочая варажба і іншыя абрадавыя рытуалы, "завіванне бярозак" падчас "кумлення" і абрадавай ежы, прысутнасць расліннай тэматыкі ў абрадавых песнях – гэта сведчанні анімістычных уяўленняў нашых продкаў, што ідуць яшчэ з дахрысціянскай пары. Вядомы прымаўкі: "На Святога духа не скідай кажуха", "На Духа будзець цёпла і суха". У гэты дзень садзілі капусту, каноплі. Сёмуха (Сямік, Тройца, Клечанне) – язычніцкае свята, у якім праглядаецца культ продкаў і расліннасці, прымеркаванае пазней царквою да хрысціянскай Пяцідзесятніцы (50-ы дзень пасля Пасхі).
Упрыгожвалі "маем" будынкі. Дзяўчаты хадзілі ў лес "завіваць" бярозкі, плясці вянкі, есці абрадавую страву (яйкі). У некаторых раёнах Палесся называлі гэтае свята Клечаннем, відаць, таму, што галінкамі клёна ўпрыгожвалі хаты.
Дзень святой Тройцы, Пяцідзесятніца – вялікае царкоўнае свята. Уваходзіць у лік асноўных ("двунадзесятых"), адно з дванаццаці, прысвечана памяці даравання Богам Маісею дзесяці запаведзяў, аб спасланні Святога Духа на апосталаў, якія панеслі сведчанне пра ўваскросшага Хрыста. Гэты момант лічыцца нараджэннем царквы, што прызнае трыадзінства, Святую Троіцу: Бог-бацька, Бог-сын і Святы Дух.
Не складзе цяжкасці заўважыць, што сёмушныя традыцыі маюць дахрысціянскае паходжанне, бо не выяўляюць падабенства зместу з хрысціянскай Тройцай, хаця і і ўзнікла яна як свята даволі рана – у 381 годзе, калі на царкоўным саборы ў Канстанцінопалі была прынята ў якасці асноўнага элементу сімвала веры. Найбольшае распаўсюджанне атрымала на нашых землях яшчэ праз стагоддзе, калі была ўключана Сергіем Раданежскім у "рухомы" праваслаўны каляндар і ўдала злілася з сёмушнымі абрадамі і звычаямі.                                                                                                   Пачатак Русальнага (Граннага, Крывога, Праводнага, Клячальнага, Траецкага, Духавага) тыдня (Русальніца, Брэзжыны, Іван-ды-Мар`я, Духаў дзень) – наступны тыдзень пасля Сёмухі; дні праводзін вясны. Ушаноўваўся культ расліннасці і продкаў. Звычайна на другі дзень Сёмухі на Піншчыне некалі наладжвалі Свята Куста, або вадзілі "куста". "Апраналі" дзяўчыну ў зялёныя галінкі дрэў і вялі па вёсцы з песнямі. Абрады і песні былі скіраваны на садзейнічанне ўрадлівасці зямлі і лепшай долі чалавека. Ва Усходнім Палессі выконвалі праводзіны русалкі ў жыта.
Панядзелак Святога Духа – дзень пасля Пяцідзесятніцы, царкоўнае свята Святога Духа, які згодна біблейскіх уяўленняў, праяўляецца ў людзях, асвячаючы іх, а гэта і з`яўляецца галоўнай мэтай стварэння і выратавання свету.

2007 © Кабінет-музей беларускай культуры філалагічнага факультэта БДУ Хостинг Na.by