Кніга водгукаў            Сувязь з намі             Навіны
Экспазіцыі
Экскурсіі
Фотагалерэя
Наш летапіс
Дошка гонару і падзякі
Выставы
Нашы праекты
Майстар-класы
Канферэнцыі
Круглы стол
Фалькларысты Беларусі
Кніжная палічка
У дапамогу студэнту
Беларускі народны каляндар
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Рэцэпты народнай медыцыны
Беларускі гумар
Са святам!
Беларускі народны каляндар /

Ліпень

ЛіпеньЛіпень пякучы, але даручы.
Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае.
Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе.
У ліпені з касой мужык, а баба з сярпом, але ў хаце ладком.
Ліпень што спаліць агнямі, тое салье дажджамі.

Сучасная беларуская назва сярэдняга, самага спякотнага месяца лета паходзіць ад слова "ліпа". (Дрэва цвіце менавіта ў гэтую пару.) Найменне мае падабенства з польскім lipiec і ўкраінскім липень. У старабеларусіх крыніцах акрамя назвы липець сустракаецца яшчэ чирвець, што захавалася дагэтуль, напрыклад, у чэшскай, славацкай і беларускай мовах (чэрвень) у папярэднім месяцы.
Рымляне да 44 года называлі месяц проста пятым (quintiles), паколькі год пачынаўся з сакавіка. Затым з прычыны трагічнай смерці Юлія Цэзара перайменавалі квінтыліс у юліус (julius), таму і захаваліся juillet – у французаў, Juli – у немцаў, July – у англічан, июль – у рускіх.
У гэтым месяцы старажытныя грэкі адзначалі чатырохдзённае свята Панафінеяў у гонар багіні мудрасці Афіны (рымляне называлі яе Мінервай). Падчас вялікага святкавання адбываліся ўрачыстыя працэсіі, розныя народныя гульні (барацьба атлетаў, гімнастычныя практыкаванні), спевы, танцы.
Ліпень – самы дажджлівы месяц года, палова дзён яго бывае з ападкамі, вызначаецца недобранадзейнасцю надвор`я і асабліва ліўнямі. Здараецца і сухая пара. У народзе прыкмячалі: калі паспелі чарніцы, то паспела і жыта. Ліпень дорыць чалавеку спелыя лясныя і садовыя ягады, першыя грыбы.
6/23. Купала (Купалле) – старажытнае абрадавае свята сонца і агню, бостваў урадлівасці і росквіту зямлі. Прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння. "Дзень адбаўляецца, ноч прыбаўляецца", – кажуць у народзе, і нездарма захаваўся звычай наглядаць за свяцілам як "сонца грэе". "Сёння Купала, заўтра Іван...", – гаворыцца ў песнях. Гэтыя і іншыя факты даюць падставу сцвярджаць, што Купала – язычніцкае свята, да якога прыстасавана пазней святкаванне царквою (у другі дзень, 24 чэрвеня) "Рождество честного славного Пророка, предтечи и Крестителя Господня Иоанна". Язычніцкае Купала ўпамінаецца ў летапісах 1175 года.
У некаторых рэгіёнах Беларусі гэты дзень звязваюць з Агрыпінай і свята называюць Агрыпінай Купальніцай, што памерла ў 253-260 годзе. Дзень пачынаўся ў нашых продкаў з наведвання лазні, дзе адным з купальных атрыбутаў быў люцік, празваны купальніцай.
Дзяўчаты збіралі кветкі для вянкоў, лекавыя зёлкі дзеля прыгатавання лекаў і варажбы, якая нагадвала таемную забаву. Дзяўчаты з вянкамі вадзілі карагоды ля вогнішча, затым купаліся на зары і пускалі вянкі ў ваду, наглядаючы за іх рухам, у якім імкнуліся разгадаць свой лёс. З гэтай прычыны таксама ўтыкалі палявыя кветкі і зёлкі ў шчыліны сцен будынкаў.
Асноўнай купальскай кветкай лічыцца папараць-кветка, якая згодна легендзе зацвітае апоўначы на свята і якую адпраўляюцца шукаць. Хлопцы пад вечар сцягвалі старыя рэчы, галлё для вогнішча. Месца для яго часцей выбіралася на высокім беразе ракі ці возера, на паляне, каля жыта. Праводзілі абрад здабывання жывога агню – церлі асінавыя палкі. "Сягоння ў нас Купала, сам Бог агонь расклаў", – спявалі ўдзельнікі свята. Палівам для кастра таксама служылі дровы з дуба – сімвалічнага дрэва Перуна, што бачна з купальскіх песень: "Пажарам дуб`е гарэла...", "Гарэла дуброва, гарэла..." і інш.
У купальскіх песнях распавядаецца, што "не дзеўка агонь клала, сам Бог агонь раскладаў", "святое Пятро ў поле ходзіць, святы Купала агонь кладзе", "ой, месяцу, месяцу, узыдзі раненька і раскладзі купалейка". Галавешкай ад кастра можна было выгнаць ведзьму з жыта і прагнаць іншую пачварную сілу.
Над купальскім вогнішчам высока на жэрдцы ўздымалі запаленае кола. Звычайна яго бралі са старога воза, прасмальвалі або аблівалі дзёгцем, каб ярка гарэла. Згарэла адно – ладзілі другое. Вакол купальскага кастра вадзілі гульнёвыя карагоды, спявалі песні. Палаючае кола таксама пускалі ўніз з узгорка.
Песнямі суправаджаліся абрады на свяце, карагоды і гульні, завадатарамі якіх з`яўлялася Купалінка і Купаліш. Ля вогнішча ўсе частаваліся абрадавай стравай, моладзь пераскоквала цераз агонь – ён лічыўся ачышчальным ад злых духаў. Спальванне прасмаленых колаў на шчасце, ці спусканне іх, палаючых, з гары – адгалоскі пакланеня свяцілу ("А на гарэ калясо, гарыць яно харошо...").
У звычаях скакання цераз вогнішча, а таксама кідання галавешак у жыта (адпалохванне ведзьмаў), спальвання сарочак хворых дзяцей праглядваецца акт, які носіць ахоўна-ачышчальны абрадавы сэнс. Моладзь скача цераз агонь з перакананнем, што русалкі не будуць нападаць і прыходзіць даіць кароў, каб ачысціць сябе і засцерагчы ад хвароб, чараў.
7/24. Іван Купала (Іван Купальны, Іван, Пятроўскі Іван, Іван Летні, Іван Вялікі, Іван Посны, Іван Злосны, Іван Ведзьмін, Ян). Працяг купальскага свята, якое доўжылася ўсю папярэднюю ноч. "Учора была Купала, а сёння Іван...", – спяваецца ў народнай песні. "На Пятроўскага Івана павінны быць гуркі ў мужыка, не толькі ў пана", – распавядае даўняя прыкмета.
Купальская пара – момант, дзе найбольш удала зліліся дзве традыцыі (язычніцкая і хрысціянская). Другі дзень больш адпавядае царкоўным звычаям, бо адзначаецца нараджэнне Іаана Хрысціцеля.
Бяздзетнаму святару Захарыю, што жыў у Хаўроне (Іудзейскія горы), аднойчы архангел Гаўрыіл паведаміў, што яго жонка Елісавета народзіць сына, якога неабходна назваць Іаанам і які затым многіх з сыноў Ізраілевых паверне да Госпада Бога. Анямелы за сваё сумненне Захарый  загаварыў на восьмы тыдзень нараджэння Прадцечы, калі даў імя яму, як і прадказвалася – Іаан, што значыла "дар Божы". Іаан Хрысціцель прадказаў прыход Месіі – Ісуса Хрыста і прапаведаваў яго вучэнне. Ён распачаў абрад хрышчэння (мыцця) у вадаёмах і прынімаў хрышчэнне ў Іардане ў самога Ісуса Хрыста.
Абрад з вадою супаў з язычніцкім купаннем у расе і вадзе, у якой, як лічалася, само сонца купалася.
12/29. Пятро (Пятроў дзень, Пятро-Павел, Пятрок, Паўлюк, Павел, Пятра). Старадаўняе земляробчае свята, па сутнасці завяршэнне Купалля. Селянін заўважаў: "Святы Пятро – у жыце ядро", "Пятрок у касу звоніць", "Калі высыплецца ячмень, зязюля падавіцца зернем і больш не кукуе". Вядома, што зязюля куе ад Магдалены два Пятра ці Купалы, калі і заканчваюцца гулянні моладзі.
Дзяўчаты хадзілі ў лес "развіваць вянкі", якія былі "завіты" імі на Сёмуху, "кумаваліся" (выбіралі сяброўку на год). Палілі кастры, елі абрадавыя стравы, гушкаліся на арэлях, спявалі пятроўскія песні:
Пятрова ночка маленька,
Не выспалася паненка
На новым ганку седзячы,
Міламу кашульку шыючы...

Лічылася, што пасля Пятра лета ідзе на спад. "Прыйшоў Пятрок – апаў лісток", "Пётр і Павел на гадзіну дзень убавіў, Ілля-прарок два ўвалок". Заканчваўся Пятроў пост.
Пра Пятра і Паўла таксама хадзіла нямала легенд і казак, у якіх святыя паказваюцца ў выглядзе простых сялян. Гэта гаворыць аб папулярнасці першавярхоўных апосталаў, якія не былі звязаны адзін з адным у жыцці, але былі пакараны смерцю ў адзін дзень, як самаадданаыя праведнікі Хрыста па загаду імператара Нерона каля 67 года. На хрысціянскіх абразах іх часта паказваюць разам, а ў народным календары яны наогул зліліся ў адзін вобраз ("Пятро-Павел").
14/1. Кузьма і Дзям`ян (Касьма і Даміан, Кузьма Сякач). Свята кавалёў. "У дзень святога Касьмы і Даміана кузні не куюць і бабы не п`юць". Песню "Кузьма" спявалі тым, хто вянчаецца першы раз (не выконвалі ўдовам і ўдаўцам):
Скуй нам свадзебку,
Свадзебку крэпкую,
Даўгавечную,
На векі неразлучную...

Кузьма і Дзям`ян вядомы і як апекуны земляробства. "Кузьма сярпы зубіў, ідзя згубіў", "На Кузьму і Дзям`яна касіць ня рана", "Святы Пятро жыта спеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям`ян сена грабіць".
17/4. Андрэй (Андрэй Наліва). Адзін з апекуноў земляробства, пра яго пяецца:
Трэці празнік – святы Андрэй,
Святы Андрэй, за ўсіх мудрэй,
Саху ладзіць, каня гладзіць...

Да Андрэя завяршаўся працэс выспявання жыта. Аб гэтым народная мудрасць сцвярджае: "На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да палавіны дарос", "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма", "Зерне ў каласку, не валяйся ў халадку".
21/8. Градавы дзень (Казанская). Засцерагаў ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. У некаторых раёнах пачыналі касіць, праводзіць зажынкі. Гаварылі: "У дзень Казанскай увесь чарвец збіраецца пад адзін куст". Назву Казанская прысвятку даў праваслаўны каляндар, які адзначае з`яўленне Казанскай Божай маці (1579 г.), усталяваны пасля заваявання ў 1522 годзе Іванам ІV Казані.
Ганна. Народ прыкмячаў: "Дождж на Якуба – для жалудоў згуба, а як Ганна з дажджом – дык гарэх з чарвяком", "Святая Ганна снапы кладзе", "Святая Ганна раніцы халодзіць. Калі на Ганну раніца халодная, то зіма будзе ранняя і халодная".

2007 © Кабінет-музей беларускай культуры філалагічнага факультэта БДУ Хостинг Na.by