Кніга водгукаў            Сувязь з намі             Навіны
Экспазіцыі
Экскурсіі
Фотагалерэя
Наш летапіс
Дошка гонару і падзякі
Выставы
Нашы праекты
Майстар-класы
Канферэнцыі
Круглы стол
Фалькларысты Беларусі
Кніжная палічка
У дапамогу студэнту
Беларускі народны каляндар
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Рэцэпты народнай медыцыны
Беларускі гумар
Са святам!
Беларускі народны каляндар /

Жнівень

ЖнівеньКожная хата ў жніўні багата.
Прыдатны красавік цяплом, а жнівень дабром.
Жнівень сее, жне і косіць – на сталах багацця досыць.
Што поле ўродзіць, жнівень знаходзіць.
Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае.
У жніўні і верабей піва варыць.

Сучасная беларуская назва восьмага месяца года жнівень, таксама як і старабеларускія серпень, зарев, адлюстроўвае прыродныя асаблівасці пары. Дарэчы, найменне серпень захавалася ў украінцаў, чэхаў (srpen), палякаў (sierpień), іншых народаў.
Рымляне называлі гэты месяц sehstylis, што значыць шосты (год пачынаўся тады вясною). Пазней рымскі сенат перайменаваў яго ў гонар імператара Актавіяна Аўгуста. Секстыліс налічваў 29 дзён, а аўгустус стаў мець 31. Заканадаўчы орган, аднолькава паважаючы Юліяна Цэзара і Актавіяна Аўгуста, зрабіў і аднолькава доўгімі месяцы, якія стаяць побач у годзе. Класічная назва месяца захавалася ў многіх заходнееўрапейскіх мовах, а таксама і ў рускай.
Жнівень дае знаць, што заканчваецца лета і набліжаецца восень. Ночы становяцца халаднейшымі, даўжэйшымі і цямнейшымі. Раніцай з’яўляюцца туманы.
Яшчэ ў пачатку месяца заканчваецца ўборка азімых, затым убіраюцца пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, проса, лён-даўгунец, скараспелая бульба, іншая гародніна і садавіна. Людзі карыстаюцца і багатымі дарамі лесу. Таксама вядзецца сяўба азімых, касавіца атавы.
2/20. Ілля (Галляш). Апякун земляробства і абаронца ад нячыстай сілы,  які ўвабраў у сябе рысы язычніцкага бога Перуна. Свята дажджоў і навальніц. Успрымацца як канец лета і пачатак восені: “Прыйшоў Пятрок – сарваў лісток, прыйшоў Ілля – сарваў два”, “Ілля нарабіў гнілля”, “На Іллю да абеда лета, а пасля абеда восень”, “Ілля ваюе з чартамі, іх б’е перунамі”, “Ілля пытае, ці гатова ралля, а Успенне, ці гатова насенне”, “На святога Галляша з новых круп каша”.
Заканчвалі касавіцу, хадзілі талакою касіць удовам. Праводзілі зажынкі – свята пачатку жніва. Часта ўспамінацца Ілля ў песнях, якія спяваліся на Каляды.
Жнівеньскія ліўні з бясконцымі маланкамі празвалі “рабінавымі днямі (начамі)”, якія часцей пачыналіся на Іллю. Існуе павер’е ў народзе аб громе. Грыміць таму, што Ілля (Пярун) грукаціць на калясніцы па хмарах і кідае маланкі-стрэлы ў нячыстую сілу, якая можа ператварацца ў розных звяроў, каб выратавацца. У прыродзе сапраўды пасля сонцастаяння (Купалы, Пятра) назіраюцца змены надвор’я як перамога Іллі над Пятром. З гэтымі міфамі, мусіць, і звязана даўняя завядзёнка паляўнічых пачынаць адстрэл звяроў.
Народнае ўяўленне, што праяўляецца ў свяце Іллі, цесна звязана з біблейскай гісторыяй аб прароку Іллі, які нарадзіўся ў Фесвіі Галаадскай яшчэ за 900 год да хрысціянства. Ілля (у перакладзе з яўрэйскага “апора Божая”) перад паганскімі жрацамі і ізраільскім народам, які перастаў верыць у Адзінага і ад таго тры гады была засуха, запаліў агнём з неба мокры ахвяравальнік, што не змаглі зрабіць жрацы са сваімі багамі. Пасля гэтага язычнікі ўверавалі ў адзінага Бога, жрацы былі забіты, а народ пасля малітвы прарока атрымаў доўгачаканы і жыццядайны дождж. За гэты і іншыя цуды Ілля па Божай волі ўзляцеў на неба на вогненнай калясніцы. Гэты факт, як мяркуюць даследчыкі, дапамог вобразу атрымаць адпаведныя рысы язычніцкага грамаўніка (не толькі Перуна, але і Зеўса).
14/1. Макавей (Макава, Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік, Медзяны Спас). Свята маку і мёду. Праводзілі абрады з макам, ужывалі ў ежу, рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што можна было макаць. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Елі пірагі з макам і моркваю. Ведалі: на Макавея трэба ўволю наесціся маку. Варажылі: “Макавею, Макавею, я на цябе канапелькі сею. Скажы мне, Макавею, дзе мая пара, каб я з ім у гэтую ноч канапельку брала”. Пчалаводы правяралі пчол, “макалі ў мёд нажы”. Для збору мёду ўсе апраналіся па-святочнаму. Хаця і частаваліся перад асноўнай падзеяй, але без гарэлкі і закускі з рэзкім пахам. Раней запальвалі дымар “жывым агнём”, выкарыстоўвалі свянцоную ваду. У гэты дзень надавалася вялікая роля і вадзе, праводзілі “вадзяную аправу” – крыжовае шэсце да вадаёма.
Існавалі прыкметы: “Як на Юр’я дождж – будзе рыбы многа, а на Макава – будзе многа грыбоў”, “Калі на Макаўе не бывае дажджу, то будзе шмат пажараў”.
Свята ўсебакова адлюстравана ў народнай творчасці. У валачобных песнях зазначаецца: калі Ілля “жыта зажынаіць залатым сярпом”, то “Святы Макавей з поля сабіраіць”. Прыказкі сцвярджаюць: “Першы Спас – провады лета”, “Ад Першага Спаса халодныя росы”.
Спасаўка (Спасаўка Ласаўка). Пятнаццацідзённы асенні пост (да 28 жніўня).
15/2. Прачыстая (Першая Прачыстая, Першы святок, Зельная). У каталіцкім календары – Унебаўзяцце (Успенне) Божай Маці (уведзена ў VІІ стагоддзі). Існуе шмат прыказак і прыкмет на гэты дзень: “Прыйшла Прачыста – стала поле чыста”, “Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці”, “Да святка араць – лішнюю капу нажаць”, “Прачыстая прынясе хлеба чыстага”, “Першы Святок і першы світок”. Свенцяць зёлкі, кветкі, садавіну, збожжа, што лічацца гаючымі і аберагаючымі.
19/6. Яблычны Спас (Спас, Другі Спас, Вялікі Спас, Сярэдні Спас). Свята садавіны, якую асвячаюць, пасля чаго дазвалялася есці яблыкі, бо яны лічыліся грэшнымі пладамі. Згодна Бібліі, змей-спакушальнік праз яблык зрабіў грэшнай Еву. Таму першыя плады неабходна было асвяціць у дзень Пераўтварэння Госпада Бога і Спаса нашага Ісуса Хрыста. Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю. Усё можна было ўжываць у ежу, аб чым і сцвярджала прыказка: “Спас – усяму час”. Пачыналі сеяць азіміну. Наогул лічыцца, што ўжо скончылася лета: “Першы і Другі Спас – бяры рукавіцы ў запас”.
Царкоўнае святкаванне звязана з біблейскімі падзеямі. Ісус Хрыстос збіраўся апошні раз з’явіцца ў Іерусаліме. На гары Фавор яго вучні ўбачылі нечакана пераўтворанага Ісуса (у белым адзенні, асветлены сонцам твар) і пачулі нябесны голас: “Гэта і ёсць Сын Мой Любімы, у Якім мая добрая воля, Яго слухайце”. Значэнне пераўтварэння ў тым, што Хрыстос паказаны не як адзін з роўных апосталаў, а які стаіць над імі.
28/15. Прачыстая (Успенне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Гаспажа, Зялёная, Зельная). Свята ўраджаю і падрыхтоўкі да сяўбы. Асвячалі “бараду” – апошні снапок, зернем якога пасля Прачыстай пачыналі засеўкі, а таксама зёлкі і гародніну. Наладжвалі Свята Свечкі: пераносілі яе з адной хаты ў другую, гасцявалі. На Палессі ўпраўляліся з просам і ў гэты ж дзень варылі з яго кашу. Наглядалі за бусламі, што на зжатых палетках збіраліся ў вырай.
Амаль паўсюдна вядомы прыказкі: “Прыйшла Прачыстая – стала поле чыстае”, “Прачыста – сяўба чыста, а касьба не чыста”. Менш распаўсюджаны наступныя: “Гаспажа – хлеба дзяжа”, “Надышло Успенне – цягні бульбу за карэнне”.
Як вынікае з фальклорных матэрыялаў, засеўкі, што праводзілі звычайна пасля Прачыстай, з’яўляліся вельмі важным этапам у земляробчым календары беларускага сялянства. Фалькларыстамі мінулага зафіксавана вялікая колькасць звычаяў, абрада і павер’яў, што датычаць гэтага моманту, ад якога ў многім залежаў будучы ўраджай. Тут, як і ў іншых вялікіх святах, добра перапляліся старадаўнія язычніцкія і хрысціянскія традыцыі.  Першыя звязаны з такімі магічнымі атрыбутамі, як “поўня”, “яйка”, “сякера”, “ахвяраванне зямлі”, “сустрэча”, “чысціня” і іншымі, што суправаджаюцца рознымі і шматлікімі павер’ямі, другія – з асвечаным зернем, малітвай. Даследчыкі выказваюць думку, што 15 жніўня (па ст. ст.) можна лічыць агульнаславянскім святам ураджаю. Царква прынцыпова наладжвала ў гэты дзень асвячэнне семяннога зерня, без якога нельга было пачынаць сяўбу. Гэтая акалічнасць вельмі паўплывала на народныя традыцыі. Такім чынам хрысціянская царква адзначыла Дзень смерці – Успенне Прасвятой Уладаркі нашай Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі, душу якой без пакут прыняў у царства нябеснае Гасподзь Ісус.
29/16. Трэці Спас (Малы Спас, Хлебны Спас, Арэхавы Спас). Адно са свят хлеба. Шмат дзе спраўлялі дажынкі – свята канца жніва. Упрыгожвалі стужкамі і кветкамі “бараду”. Ахвяравалі хлеб і соль духу нівы, відаць Воласу, казлападобнай істоце. “Воласаву бародку” жнеі неслі гаспадару і ставілі ў кут. Зерне і каласкі ўжывалі на працягу ўсяго года ў розных магічных абрадах. Канец жніва і змена надвор’я адлюстраваны ў прыказках: “Трэці Спас хлеба прыпас”, “Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе”.
31/18. Арабінавыя дзень і ноч (Варавіты дзень). Пара, калі бывае “сухая” навальніца або буран цэлую ноч (дзень). У гэты час нічога не рабілі і чакалі з трывогай грому, маланкі і дажджу, засцерагаліся ад няшчасця. Як ужо згадвалася, “рабінавую ноч” яшчэ звязвалі са Спасаўкай.
      

 

2007 © Кабінет-музей беларускай культуры філалагічнага факультэта БДУ Хостинг Na.by